Verification: 91dce4741ed22fbd

Сустракайце Калядкi

11.01.2024

У цёмныя зімовыя вечары нашы продкі збіраліся ўсёй сям'ёй, каб адзначыць самае галоўнае і ўрачыстае свята - Каляды. Беларускія традыцыі святкавання Каляд прайшлі праз стагоддзі і захаваліся да нашых дзён. Яны і дагэтуль развіваюцца і ўзбагачаюцца. Традыцыйна Каляды звязваліся з днём першага зімовага сонцастаяння і сімвалізавалі пачатак новага году – як сонечнага, так і сельскагаспадарчага.  Каляды бываюць тады, калі дзень робіцца даўжэйшым, а ноч карацейшай, калі прырода паварочвае да цяпла, да вясны. Людзі на Каляды многа спяваюць, весяляцца, пераапранаюцца, ходзяць так па хатах, віншуюць гаспадароў. А ў кожнай хаце калядоўшчыкаў чакаюць. Гаспадыня рыхтуе смачныя стравы і розныя прысмакі ім ў падарункі. А да каго Каляда не завітае, таго шчасце не напаткае. Бо лічылася – як сустрэнеш калядны навагодні вечар – так і будзе ўвесь год. У нашай дашкольнай установе адбылося традыцыйнае фальклорнае свята "Сустракайце Калядкі". Музычная зала была аформлена ў выглядзе сялянскай хаты: стаялі засланыя абрусам сталы з рознымі стравамі і прыладамі, лаўка з ручнікамі. У пачатку свята пад гучанне беларускай народнай музыкі Гаспадыня накрывала на стол і чакала гасцей. Калядоўшчыкі прывялі з сабой  вучонага Мядзведзя, спрытную Козачку, якая пажадала прысутным шчасця і долі. Прывабная Цыганка наваражыла здароўя, дабрабыту і багацця на будучы год, каб было ўсяго даволі, а бяды ніколі. Усе яны стварылі асаблівы святочны настрой і напоўнілі нашу “Каляду” казачнай атмасферай. Дзеці таксама актыўна прымалі ўдзел у свяце: спявалі, танцавалі, удзельнічалі ў гульнях і частаваліся смачнымі прысмакамі. Свята атрымалася яскравым і запамінальным, прынесла радасць нашым выхаванцам, дало магчымасць дакрануцца да традыцый і звычаяў беларускага народа, дапамагло самім адчуць усю красу народных святаў і гульняў, а таксама садзейнічала развіццю ў дзяцей грамадзянскай самасвядомасці і выхаванню патрыятычных пачуццяў, любові да сваёй Радзімы.