Мини-музей "Беларуская скарбонка"

 

Інфармацыя аб міні-музеі “Беларуская скарбонка”

Міні-музей “Беларуская скарбонка” ва ўстанове дашкольнай адукацыі “Уздзенскі яслі-сад №3” створаны ў кастрычніку 2018 года.

Профіль міні-музея: этнаграфічны, пазнавальны.

Мэта: фарміраванне пазнавальнага інтарэсу, цікавасці ў дзяцей дашкольнага ўзросту да пазнання гісторыі і культуры беларускага народу, шляхам выкарыстання розных відаў нагляднасці і відаў дзейнасці.

Задачы:

пазнаёміць выхаванцаў з народнай творчасцю і культурнымі традыцыямі беларускага народа;

выхоўваць інтарэс да нацыянальных каштоўнасцей, пачуццё любві да роднага краю і гонару за яго;

арыентаваць сям’ю на духоўна-маральнае выхаванне дзяцей праз актывізацыю дзіцяча-дарослай сумеснай  дзейнасці на матэрыяле міні- музея.

Размясціўся міні - музей на закрытай пляцоўцы плошчай 38 м².

Экспанаты  міні-музея “Беларуская скарбонка”  калектыў дзіцячага сада  збіраў  разам з дзецьмі і іх бацькамі. У асноўным, яны былі прывезены ад родзічаў і знаёмых, якія пражываюць у вёсках Уздзенскага  раёна. Шмат рэчаў дайшло да нас з Брэсцкай і Гомельскай абласцей.

Усяго міні-музей налічвае 137 экспанатаў: 92 экспанаты старынных рэчаў і 45 экспанатаў беларускіх рамёстваў, якія ўваходзяць у састаў шасці пастаянных экспазіцый:

“беларуская хата”: хатняе абсталяванне (ложак,  калыска,  лялька, куфар, фанерны чамадан,  драўляны стол,  лавы, самавар, печ, ікона, ручнік-набожнік, даматканы ручнік, саламяны павук, посцілка, дыван, дарожкі для ўпрыгожвання памяшкання, накідкі, прасціна, навалочкі, вышываная навалочка, падзорнік, фіранкі на вокнах, абрус, звязаны з нітак кручком, круглы плецены палавік); прылады хатняга ўжытку (чыгуны, вілы, патэльня, трыножка, чапяля, кош, вугольны прас, маслабойка, сіта, газавая лямпа, газавы ліхтар «Кажан», прэс для сыра, драўляная дошка, прылада для шаткавання капусты, рубель);

“беларускае адзенне”: кашуля мужчынская, кафтан, ніжняя бялізна, кашуля жаночая, кашуля дзіцячая, спадніца, спадніца дзіцячая, фартух, пояс, валёнкі, брыль, хустка, вяночак;

 “ткацтва і вышыўка”: ткацкія вырабы (ручнікі даматканыя, ручнікі з белай тканіны з рознымі відамі вышыўкі; дыван, адрэз палатна, тканы палавік), прылады для апрацоўкі ільну (калаўрот, прасніца з кудзеляю, матавіла, верацяно, сукала, чаўнок з цэўкай);

“саломапляценне і лазапляценне”: саламяны маленькі капялюш, панно з саломы, саламяныя карзінкі, алоўніца, саламяныя лялькі і лялька-анёлак, абярэгі, саламяны вяночак са званочкамі, скарбонка з чарту, карзінкі з чароту, кошык і  саж з лазы, крэсла для лялькі; лялькі з ільну, нітак, тканіны.

“ганчарства і пластычная кераміка”: гарлачык, збан, гаршчок, гліняная цацкі (свістулькі, заночкі, чарапаха, зубр, конік, вожык, малпа, гліняная цацка “Дзед”, гліняная цацка “Хатка”, гліняная цацка “Дзед мароз”), сучасная кераміка (паліваны ганчарны посуд, паліваны керамічны набор для кавы, збан, кубкі, слоік, чайнік, гарлачык, гаршчок, набор керамічных рыбак, гліняныя грыбочкі-сальнічкі;

 “разьба па дрэву і бандарнае рамяство”: хлебніца, куфэрак з саламянай аплікацыяй, куфэрак з раслінным  роспісам, пісанка, драўляныя свістулькі, драўляная кадушачка, драўляныя дэкаратыўныя лыжкі, зубр-цацка, мядзведзь-цацка, ваза драўляная, бочачкі для спецый, кадушка, драўляны кубак, таўкач, каромысла, рубель.

Ладзяцца зменныя эксапазіцыі. На сённяшні дзень дзейнічаюць:

выстава радаводаў выхаванцаў дзіцячага сада “Мае карані”

выстава гліняных вырабаў “З ганчарнага кола” майстрыхі Спірынай Крысціны Юр’еўны, якая з’яўляецца матуляй нашай выхаванкі.

Змест нашага міні-музея дазваляе педагогам пазнаёміць дзяцей з  гісторыяй, фальклорам, бытам і сапраўднымі прадметамі даўніны нашых продкаў. Акрамя таго, ён спрыяе рэалізацыі інтэграванага падыходу ў навучанні і стварэнню сістэмы дзіцячай дзейнасці.

У звычайным музеі дзеці - толькі пасіўныя сузіральнік, а тут яны - сааўтары, творцы экспазіцый  і актыўныя яе карыстальнікі. Прычым не толькі яны самі, але і іх  бацькі.

Прадметы размяшчаюцца так, каб можна было да іх падысці, разгледзець і зразумець, як яны дзейнічаюць, нават паспрабаваць апрануць вышываныя сарочкі і фартухі. Дзеці валодаюць правіламі паводзін ў музеі.

З мэтай стварэння сістэмы работы патрыятычнага выхавання дзяцей дашкольнага ўзросту распрацаваны перспектыўна-каляндарны план, згодна якога арганізуюцца разнастайныя формы работы з дзецьмі і дарослымі:

гульнявыя экскурсіі для дзяцей і бацькоў;

развіваючыя пазнавальныя заняткі;

пазнавальна-практычная і мастацкая дзейнасць выхаванцаў з дарослымі;

майстар-класы, якія праводзяць выхавальнікі і бацькі;

тэатральна-гульнявая дзейнасць, фальклорныя святы;

Гульнявыя экскурсіі вядуць, як дарослыя-экскурсаводы так і дзеці-экскурсаводы. Тэматыка распрацаваных экскурсій разнастайная:

для дзяцей сярэдняга ўзросту: “Вясковая хата”, “Прадметы побыту”, “Ганчарныя вырабы”, “Драўляны посуд”, “Печ”, “Прасы”, ”Калыханка”, “Прылады працы”, “Ткацтва”, “Матчына мова”, “Фартушок”, “Цацкі”;

 для дзяцей старэйшага ўзросту: “Беларуская хата”, “Старадаўнія рэчы”, “Ганчарныя вырабы”, “Драўляныя вырабы”, “Печ”, “Наведване гарадскога музея”, “Родная мова”, “Саломапляценне”, “Народны касцюм”, “Лямпы”, “Вышыўка”, “Беларускі фальклор”;

для дарослых: “Майстэрня  мастака-кераміста”, “Запрашаем у “Беларускую скарбонку”.

Развіваючыя заняткі праводзяцца па вырашэнню задач вучэбнай праграммы дашкольнай адукацыі па адукацыйным абласцям “Дзіця і грамадства”, “Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін”, “Мастацтва” (музычная і выяўленчая дзейнасць).

У міні-музеі праходзяць і заняткі  фальклорнага гуртка “Купалінка”. Гучыць беларуская мова, загадкі, казкі, песні — дзеці слухаюць іх і выконваюць самі.

Пазнавальна-практычная дзейнасць выхаванцаў з дарослымі ажыццяўляецца ў нерэгламентаванай дзейнасці. Яе вынікі знаходзяць сваё месца ў музеі: сумесна зробленыя з бацькамі сямейныя радаводы, беларускія народныя лялькі і вырабы творчай дзейнасці.

Цікавай формай работы з дзецьмі з’яўляюцца майстар-класы ці творчыя майстэрні, арганізаваныя педагогамі і бацькамі. Сустрэчы з майстрамі і творчымі людзьмі выклікаюць у дзяцей жаданне пабыць у іх ролі. У дзяцей ёсць магчымасць ляпіць з гліны, ствараць вырабы з салёнага цеста, нітак, таканіны і дэкарыраваць іх.

У міні-музеі праводзяцца тэатралізаваныя забавы і фальклорныя святы: “У госці да бабулі Васіліны і дзядулі Тамаша”, вячоркі “З рога ўсяго многа”, музычна-тэатралізаваная казка “Коцік, пеўнік і ліска”, свята “Мову родную, край свой люблю”, “Гуканне вясны”. Ладзяцца святы сумесна з бацькамі “Свята бульбы”, “Восеньскі кірмаш”, “Калядкі”, “Вялікдзень”. Музычнымі кіраўнікамі распрацаваны сцэнарыі і падабраны музычны рэпертуар.

У музеі змешчаны разнастайны метадычныя распрацоўкі ў дапамогу педагогам “Картатэка беларускіх народных гульняў”, “Сцэнарыі экскурсій і свят для дзяцей сярэдняга і старэйшага ўзросту”.

Сабраны і аформлены інфармацыйна-ілюстратыўныя альбомы па напрамкам беларускай культуры - “Беларускае народнае адзенне”, “Саломапляценне”, “Ганчарства і пластычная кераміка”, “З  гісторыі праса”, “Цяслярства і сталярныя справы”, “Разьба па дрэве”, “Народна  дэкарытыўны  роспіс”, “Бандарнае рамяство”, “Качанне”, “Народны касцюм.Ткацтва”, “Кавальскае рамяство”

Падрыхтаваны матэрыял, які змяшчае інфармацыю пра сучаснасць нашай краіны  -  “Мая Радзіма – Уздзеншчына”, “Беларусь алімпійская”, “Беларускія пісьменнікі дзецям”, “Беларускія сувеніры”, “Партрэты беларускіх кампазітараў”.

Творчым калектывам нашай установы былі створаны 20 аўтарскіх дыдактычных  гульняў:  “Што з чаго зроблена?”, “Беларускія сімвалы”, “Бабулькіна скарбонка”, Мой горад Узда”, гадзіннік “Беларускія рамёствы”, “Вытокі”, “Што схавалася ў саламяным цюку?”, “Складзі  сказ”, “Беларускі ўзор”, “Разкажы казку”, гульня- пазлы “Беларускія сімвалы”, “Чароўныя алоўкі”, “Чацверты лішні”, кубікі”Беларускія рамёства”, “Выкладзі арнамент”, “Знайдзі частку”, “Старажытнае-сучаснае”, “Знадзі пару”, “Што за чым?”, “Апрані ляльку”, “Церамок”.

Створаны  міні-музей “Беларуская скарбонка” стаў неад’емнай часткай развіваючага асяроддзя нашай ўстановы, які дазваляе педагогам актыўна выкарыстоўваць яго рэсурсы. А галоўнае, міні-музей – гэта сучаснае,  інтэрактыўнае і пазнавальнае месца для вырашэння задач патрыятычнага выхавання дашкольнікаў сумесна з бацькамі.