Свята "Калядкі прывезлі бліны ды аладкі"

13.01.2022

13 студзеня ў нашай установе адбылося традыцыйнае фальклорнае свята "Калядкі прывезлі бліны ды аладкі!". У святочна ўбраную музычную залу да дзяцей старэйшых і сярэдніх груп завіталі калядоўшчыкі з Казой, Мядзьведзем і Цыганкай. Іх сустракалі Гаспадар з Гаспадыняй, якія прыгатавалі госцейкам шчодра накрыты стол: сала і каўбасы, пірагі і цукеркі, бліны ды аладкі. Калядоўшчыкі спявалі калядныя песні, разам з Казой гулялі ў вяселыя музычныя гульні, вадзілі карагоды. "Вучоны" Мядзьведзь жартаваў, паказваючы малятам розныя выпадкі з жыцця сялян. Цыганка варажыла выхаванцам, хто кім будзе ў будучыні. У канцы свята Козачка рассыпала зярняткі жыта для дабрабыту, каб ва ўсіх было здароўя, шчасця, багацця даволі, а бяды - ніколі. Дзеці з захапленнем пазнаеміліся са святам Каляды, народнымі песнямі і гульнямі, атрымалі зарад бадзерасці і шмат яркіх і запамінальных уражанняў.