Сустрэча з паэтэсай В.Бокуць

22.02.2018

 

У сераду, 21 лютага, у міжнародны дзень роднай мовы, з мэтай фарміравання любові да беларускай мовы, далучэння дзяцей да нацыянальных традыцый і творчасці беларускіх паэтаў у Уздзенскім яслях садку №3 прайшла літаратурна-музычная гасцёўня “Беларускія пісьменнікі –дзецям”. Удзел у мерапрыемстве, якое падрыхтавалі музычны кіраўнік установы Пархута А.А.,  выхавацелі Пуцэйка А.М., Цішчанка А.В., Байдакова К.Г., прынялі выхаванцы сярэдніх і старэйшых груп ўстановы.

Лейтматывам мерапрыемства стала тэма зімы ў творчасці беларускіх паэтаў.  Да дзяцей у госці прыйшла Чараўніца-Зіма, ролю якой выканала матуля выхаванца Уладзіка Кучука. Выхаванцы сярэдніх  груп дзіцячага садка Ганна Траяноўская, Валерыя Шмакава, Мар’яна Галсцян, Леў Жэлаўскі пазнаёмілі прысутных гасцей з творамі беларускіх паэтаў Н. Галіноўскай, Я. Коласа, А. Дзеружыскага, І. Васілеўскага, П. Броўкі, П. Глебкі. Дзеці вельмі прыгожа і дасканала, улічваючы ўсе асаблівасці беларускага маўлення, дэкламавалі беларускія  вершы “Размова сняжынак”, “Надыход зімы”, “Сняжынкі”, “Снегапад”, “Зіма”,прысвечаныя зімовай тэматыцы. З задавальненнем выконвалі дзеці беларускія песні “Белы снег”, “Ой, зіма, зіма, зіма”, прымалі ўдзел у нацыянальных беларускіх гульнях “Верабейка”, “Падушачка”.

Асаблівае ўражанне ад мерапрыемства пакінула сустрэча выхаванцаў ясляў-сада з уздзенскай паэтэсай Вольгай Рыгораўнай Бокуць. Яна расказала дзецям пра тое як нараджаюцца вершы і прачытала ўласныя творы на беларускай мове, выканала разам з дзецьмі песню “Смоўжык”,  якую напісала сама.  У сваю чаргу, дзеці падаравалі паэтэсе альбом малюнкаў, якія яны зрабілі па прачытаных вершах Вольгі Рыгораўны.

Сустрэча аказалася вельмі цёплай, цікавай і змястоўнай. Дзеці яшчэ доўгі час знаходзіліся пад уражаннем ад мерапрыемства. Такія формы работы з выхаванцамі дапамагаюць выхоўваць цікавасць да роднай мовы, успрымаць яе мілагучнасць і прыгажосць, далучаць дзяцей да нацыянальнай беларускай культуры.

Больш фотаздымкаў з мерапрыемства можна паглядзець ТУТ